Расійскіх жаўнераў вучаць супрацьстаяць чужой прапагандзе

28.01.2016 / 20:13

У Цэнтральнай вайсковай акрузе Расіі пачаліся вучэнні, на якіх адпрацоўваецца ўстойлівасць да інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння праціўніка, піша gazeta.ru са спасылкай на прэс-службу ЦВА.

Прапаганда на лініі фронту. Фота thefewgoodmen.com 

«У войсках ЦВА пачалася маштабная праверка здольнасці аддзяленняў, экіпажаў, разлікаў выканаць вучэбна-баявыя задачы ў любой сітуацыі ва ўмовах масіраванага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння ўмоўнага праціўніка», — гаворыцца ў паведамленні.

Прапаганда ў розных відах — ад тэлебачання і інтэрнэту да прарыву на радыёхвалі праціўніка — можа быць магутным спосабам дэмаралізацыі і нейтралізацыі чужых войск.

Падчас баявых дзеянняў ва Украіне таксама рассылаліся СМС з пагрозамі на мабільныя тэлефоны ўкраінскіх жаўнераў.

У значнай ступені слабасцю ўкраінскай інфармацыйнай абароны і сілай расійскай прапаганды быў абумоўлены лёгкі захоп Крыма расійскімі войскамі ў 2014 годзе.

Беларускае насельніцтва і вайскоўцы не атрымліваюць ад кіраўніцтва навыкаў супрацьстаяння прапагандзе, скіраванай на падрыў незалежнасці Беларусі. Хутчэй наадварот, дзяржаўная інфармацыйная палітыка характарызуецца ідэйным вакуумам, непаслядоўнасцю і прымітыўнасцю метадаў.

Аляксандр Гелагаеў