На Брэстчыне масава здымаюцца з выбараў праўладныя кандыдаты-дублёры

На Брэстчыне скарачаецца колькасць кандыдатаў у дэпутаты, прычым самаадводы бяруць прадстаўнікі бюджэтных арганізацый. Кожны з іх быў фактычна дублёрам кандыдата ад вертыкалі на выпадак форс-мажору, аднак цяпер патрэба ў такіх «запасных гульцах» знікла.

02.09.2016 / 11:14

Разгледзім на канкрэтных прыкладах.

У Брэсцкай-памежнай акрузе №4 адмовіўся ад барацьбы за перамогу галоўны доктар Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі Сяргей Кляус. Па гэтай жа акрузе ідзе цяперашні дэпутат Уладзімір Базанаў.

На наступнай Баранавіцкай-Заходняй акрузе №5 больш не ўдзельнічае ў выбарах дырэктарка гімназіі №5 Таццяна Шэстак. Па яе акрузе балатуецца дэпутатка Вольга Палітыка.

Баранавіцкая-Усходняя акруга №6 засталася без дырэктара завода запчастак «Аўтака» Барыса Пацейкі. Тут мае перамагчы першы прарэктар Баранавіцкага ўніверсітэта Таццяна Якубовіч.

На Днепра-Бугскай акрузе №10 канкурэнцыю дэпутату Юрыю Дарагакупцу спрабаваў скласці начальнік Іванаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Ялец. Але таксама перадумаў.

Адзначым, што кожны са знятых кандыдатаў вылучаўся працоўным калектывам, не збіраючы подпісы.

ЯМ