Лукашэнка сказаў спыніць будаўніцтва шматпавярховікаў вакол Мінска

02.09.2016 / 13:03

Будаўніцтва шматпавярховак вакол Мінска прапануецца спыніць. Пра гэта ішла размова ў час даклада Аляксандру Лукашэнку аб перспектывах развіцця Мінска і прылеглых тэрыторый вобласці.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра праінфармаваў кіраўніка краіны аб развіцці невялікіх населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да сталіцы. У прыватнасці, гаворка ішла пра аграгарадкі Калодзішчы і Сеніца, вёску Бараўляны.

«Мы дазвалялі тут будаваць вельмі шмат жылля: за тры гады вакол Мінска было пабудавана 1 млн квадратных метраў. Калі вы падтрымаеце нашу прапанову, то хацелася б прыпыніць будаўніцтва шматпавярховага жылля ў такіх населеных пунктах вакол Мінска», — звярнуўся да кіраўніка дзяржавы Сямён Шапіра.

«Вярніце ў парадак гэтыя населеныя пункты, каб яны мелі скончаны выгляд, і спыняйце там будаваць, бо гэта тое ж самае, што забудоўваць Мінск», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.