У Жыткавіцкім раёне гараць тарфянікі: агнём ахопленыя 10 га Нацпарка «Прыпяцкі»

15.09.2016 / 12:12

За мінулыя суткі ў прыродных экасістэмах ратавальнікі ліквідавалі восем тарфяных і восем пажараў травы і кустоўя.

Буйны пажар працягваюць тушыць ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Паведамленне аб узгаранні агульнай плошчай 15 га на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», каля вёскі Бечанская Буда, паступіла ўвечары 14 верасня.

15 верасня зранку плошча пажару паменшылася да 10 га, працы па тушэнні агню на тарфянішчы працягваюцца.

Сіноптыкі прагназуюць, што пры захаванні сухога надвор'я ў Гомельскай вобласці можа ўсталявацца 5 клас пажарнай небяспекі. Часцей за ўсё ў такім выпадку ўводзіцца забарона на наведванне лясоў.