У Германіі прэзентавалі першы ў свеце цягнік на вадароднай цязе

26.09.2016 / 22:36

Французская транспартная кампанія Alstom прэзентавала першы ў свеце пасажырскі цягнік, які будзе ездзіць толькі на вадародзе, паведамляе ScienceAlert.

Alstom

Замест выкідаў, звыклых для звычайных цягнікоў на дызельнай цязе, цягнік Coradia iLint будзе выкідваць у атмасферу толькі пару і вадзяныя кроплі. Цягнік упершыню быў паказаны публіцы на выставе InnoTrans, якая прайшла ў Берліне.

Электраматоры цягніка сілкуюцца ад літый-іённых акумулятараў, якія зараджаюцца ад вадародных паліўных элементаў. Адной запраўкі вадародам хапае на 800 км шляху.

Паводле дадзеных газеты Die Welt, цягнік будзе курсіраваць па маршрутах у Ніжняй Саксоніі, мясцовыя ўлады ўжо замовілі французам 14 саставаў. Калі выпрабаванні будуць паспяховымі, досвед будзе перанесены на іншыя раёны Германіі.