ЗША ўзмацняюць узбраенне сваіх БТР Stryker, каб змагацца з бранятэхнікай РФ

04.11.2016 / 18:19

У канцы кастрычніка кампанія General Dynamics перадала Сухапутным войскам ЗША першы прататып БТР Stryker з баявым модулем з магутнай 30-мм аўтаматычнай гарматай. Усе новыя машыны пойдуць перш за ўсё для 2-га кавалерыйскага палка, піша military.com.

Новая машына з вежай і 30-мм гарматай. Фота military.com

Таксама Stryker'ы могуць атрымаць у якасці дадатковага ўзбраення супрацьтанкавыя комплексы Javelin.

Менавіта Stryker — асноўны тып лёгкай бранятэхнікі, які маюць на ўзбраенне пяхотныя часткі ЗША, што стаяць у Еўропе.

Імі ўзброены 2-гі кавалерыйскі полк, які ў 2014 і ў пачатку 2015 года ўдзельнічаў у шматлікіх вучэннях і манеўрах у краінах Усходняй Еўропы, каб падтрымаць хаўруснікаў ЗША - найперш краіны Балтыі і Польшчу.

Сустрэча амерыканскіх жаўнераў на БТР Stryker жыхарамі Беластока падчас вучэнняў «Атлантычная рашучасць» вясной 2015 г. Фота Reuters

З гэтай прычыны пытанне пра падвышэнне баявой моцы гэтых бронетранспарцёраў было ўзнятае ў Пентагоне ўжо паўтара гады таму — у адказ на магчымую сустрэчу з новымі цяжка ўзброенымі БТР і БМП расійскай арміі. 

Цяпер Stryker мае ў якасці асноўнага узбраення буйнакаліберны 12,7-мм кулямёт ці 40-мм аўтаматычны гранатамёт.

Аляксандр Гелагаеў