У Камянецкім раёне паляўнічы з сабакам 10 гадзін правялі ў калодзежы

09.11.2016 / 20:22

У Камянецкім раёне паляўнічы на працягу дзесяці гадзін знаходзіўся ў калодзежы, паведамілі ў Камянецкім РАУС.

Тут і ніжэй фота: uvd.brest.gov.by

У начны час восьмага лістапада супрацоўнікі міліцыі атрымалі паведамленне аб тым, што мужчына сышоў на паляванне і доўгі час не вяртаецца, пра гэта паведаміў дзядзька зніклага. Літаральна праз некалькі хвілін у міліцыю звярнулася і жонка паляўнічага.

На пошукі зніклага адправілася адразу некалькі пошукавых груп. Бліжэй да раніцы мужчына быў знойдзены ў зарослым калодзежы, глыбіня якога складала прыкладна сем метраў. У калодзежы таксама знаходзіўся і яго верны чацвераногі сябар, які саскочыў за ім. Выратавальнікі дапамаглі паляўнічаму і яго сабаку выбрацца наверх. Мужчына каля дзесяці гадзін знаходзіўся па пояс у вадзе. Ён быў шпіталізаваны з пераахаладжэннем. Сабака не пацярпеў.

Паляўнічы растлумачыў, што не заўважыў калодзежа ў высокіх зарасніках. Выбрацца самастойна не атрымлівалася, а мабільнік не лавiў сігнал.

nn.by