Латвія пабудуе плот і на мяжы з Беларуссю

Латвія і на мяжы з Беларуссю пабудуе плот, каб засцерагчы сябе ад людзей, якія незаконна перасякаюць мяжу, сказаў у інтэрв'ю агенцтву LETA начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Нормунд Гарбарс, паведамляе Delfi.

13.11.2016 / 11:00

У бюджэце наступнага года прадугледжаныя сродкі на распрацоўку праекта ўладкавання прымежнай паласы на мяжы Латвіі і Беларусі, паведаміў ён. Улічваючы, што падобны досвед ужо ёсць, плот на латвійска-расійскай мяжы, вялікіх зменаў не прадбачыцца. Праект будзе рэалізаваны па тых жа прынцыпах.

Работы па ўладкаванні прымежнай паласы паміж Латвіяй і Беларуссю пачнуцца не раней, чым праз год. Пакуль невядома, якой менавіта даўжыні будзе плот.

Як паведамлялася, сёлета вясной на латвійска-расійскай мяжы пабудавалі першыя тры кіламетры плота, які мусіць спыніць плыню нелегальных мігрантаў. Першы ўчастак плота на мяжы пабудаваны на тэрыторыі Лудзенскага кіравання.

Мінімальная вышыня плота на латвійска-расійскай мяжы складзе 2,70 метра. Усяго плануецца пабудаваць 92 км плота на асобных участках мяжы.