Унікальнае выданне для дзетак пра мастакоў Віцебскай школы можна замовіць ужо сёння

Настольная кніга вашага дзіцяці на ўвесь 2017 год: ад Малевіча і Шагала да Цэслера і Вашкевіча ў ілюстрацыях, казках, вершах і гульнях.

18.11.2016 / 14:44

Камандай вядомых творцаў падрыхтавана да друку ўнікальнае выданне пра выбітных майстроў Віцебскай школы, яркіх прадстаўнікоў не толькі беларускага, але і сусветнага мастацтва. Збор сродкаў на інтэрактыўную кнігу пачаўся на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej.by.

Самы цымус пра выданне

Аўтары сцвярджаюць, што стварылі кнiгу «Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя. Віцебская школа», каб дзеці і дарослыя пачалі знаёміцца з беларускім мастацтвам мінулага стагоддзя праз казачныя гісторыі, вершы і творчую гульню. Гэтая кніга дапаможа зразумець складаныя моманты ў творах сучаснага мастацтва і пазнаёміць вас з нязнанымі мастакамі.

У кнігу ўвайшлi творы Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Алесi Паслядовiч, Уладзіміра Цэслера, Генадзя Хацкевіча, Людмілы Русавай і Руслана Вашкевіча. На творчасць кожнагаз іх наклала свой адбітак сусветнавядомая «Віцебская школа».

На сённяшні дзень зроблена ўся неабходная праца для выхаду кнігі ў свет. Засталося толькi яе надрукаваць. Стваральнікі праекта прапануюць унікальную магчымасць — ажыццявіць перадзамову гэтай кнігі, каб вашыя дзеці (браты або сёстры, пляменнікі цi дзеці сяброў) сталі не проста першымі ўладальнікамі такой важнай і якаснай кнігі, але і ў будучыні сталі носьбітамі беларускiх культурнiцкiх каштоўнасцяў, вывучэнне якіх так лёгка пачнецца з дапамогай гэтага выдання. Пазнаёміцца з раздзелам, напрыклад, пра Казіміра Малевіча можна тут.

З чаго ўсё пачалося

8 месяцаў таму працаваць над праектам мары. Кожны з нас — гаворка ідзе пра удзельнікаў праекта «Дзіцячыя творчыя майстэрні» — вандруючы, почасту разглядае кніжныя паліцы кнігарняў пры еўрапейскіх музеях класічнага і сучаснага мастацтва i з прагнасцю пастсавецкага чалавека разглядаем дзіцячыя кнігі, дзе так цікава і так зразумела распавядаецца дзіцяці пра мастацтва. І вядома, у галаве ўзнiкае думка: «Чаму ў нас такога да гэтуль няма?» У рэшце рэшт мы не вытрымалі і пачалі працу над кнігай

«Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя. Віцебская школа». І як толькі пачалася праца над ёй, у працэс ўключыліся такія людзі, што нам самім стала страшна ад шчасця: Адам Глобус, Лявон Вольскі, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч, Ганна Кісліцына і інш. І мы зразумелі, што рухаемся ў правільным кірунку, такая кніга абавязаная з'явіцца ў Беларусі.

Частка каманды, якая працавала над кнiгай

Беларускае мастацтва XX стагоддзя ў свеце вядома ў першую чаргу дзякуючы Віцебскай школе. За кароткі тэрмін ў Віцебску адбылося шмат падзей: у 1919 годзе Марк Шагал адкрыў першую ў Беларусі мастацкую вучэльню. У тым жа годзе туды прыехалі выкладаць Эль Лісіцкі і Казімір Малевіч і неўзабаве стварылі творчую групу «Уновіс». Гэта быў час рэвалюцыйнага і рамантычнага авангарду, час паўставання ўплывовых ідэй, якія да нашага часу маюць уздзеянне на мастакоў усяго свету.

Нам хочацца не толькі пазнаёміць чытачоў з «Віцебскай школай», але і паказаць эвалюцыю яе ідэй. Сучасныя беларускія мастакі ў сваіх творчых пошуках часта звяртаюцца да набыткаў віцебскіх авангардыстаў.

Таму ў кнізе вы знойдзеце постаці мастакоў з найноўшай гісторыі беларускай культуры.

Для каго гэтая кніга

Чаму стваральнікі кажуць, што гэта настольная кніга 2017 года для вашага дзіцяці?

Чытаць яе можна раздзел за раздзелам, а можна адгарнуць на старонцы пра вашага любімага мастака ці наадварот — пачаць з таго творцы, пра каго вы зусім анічога не ведаеце!

У кнізе вы знойдзеце казкі, вершы, факты з жыцця мастакоў, а таксама гульні.

Казкі і вершы паводле карцін прыдумалі і запісалі вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі. Факты з жыцця выбітных творцаў пазнаёмяць вас з тым, калі, як і дзе жылі мастакі, а таксама пра іх творчы даробак. Гульні дапамогуць дзецям зразумець некаторыя таямніцы мастацтва. У гэтай кнізе можна маляваць, з ёй можна гуляць, а яшчэ — варта чытаць, разглядаць і разважаць над ёй, каб зрэшты навучыцца разумець сучаснае беларускае мастацтва і ягоную «Віцебскую школу».