Праз няшчасны выпадак на сцэне загінуў сын заснавальніка Cirque du Soleil

02.12.2016 / 05:59

Сын аднаго са стваральнікаў і віцэ-прэзідэнта Cirque du Soleil Жыля Сен-Круа памёр падчас няшчаснага выпадку на сцэне.

CIRQUE DU SOLEIL

43-гадовы Аліўе Рашэ загінуў у аўторак, калі яго прыціснула на сцэне пад'ёмнай прыладай, піша Бі-бі-сі.

Рашэ быў тэхнічным работнікам, які рыхтаваў сцэну для спектакля Luzia ў Сан-Францыска.

«Аліўе заўсёды быў часткай нашай невялікай сям'і і любімым калегам», — сказаў выканаўчы дырэктар Cirque du Soleil Дэніэл Ламар.

Усяго некалькі дзён таму гімнастка і ўдзельніца Алімпійскіх гульняў Ліза Скінар, якая таксама выступала ў Cirque du Soleil, звалілася падчас выканання паветраных трукаў на спектаклі Kooza ў аўстралійскім Брысбэне.

У выніку ў яе зламаны хрыбетнік і рука. Гімнастку, па словах яе маці, чакаюць некалькі месяцаў лячэння. Стан Скінар ацэньваецца як стабільны.