Цана на нафту паднялася вышэй за $58 упершыню з лета 2015 года

Рост сусветных нафтавых катыровак ў першы працоўны для біржаў дзень пасля заканчэння навагодніх святаў паскорыўся на фоне паведамленняў пра пачатак скарачэння аб'ёмаў нафтаздабычы ў межах заключанага ў 2016 годзе пагаднення АПЕК і краін, якія не ўваходзяць у картэль.

03.01.2017 / 15:08

На фоне заявы кіраўніка нацыянальнай нафтавай кампаніі Кувейта Джамаля Джафара, што яна ўжо скараціла аб'ём здабычы на 130 тыс. бар./суткі, цана барэля Brent на біржы ICE упершыню амаль за паўтара года паднялася вышэй за $58, паведамляе РБК.

На максімуме кошт барэля дасягнуў у аўторак адзнакі $58,38, што на 2,75% вышэй за ўзровень закрыцця апошніх таргоў 2016 года. У папярэдні раз даражэй за $58 барэль Brent каштаваў 16 ліпеня 2015 года.

Раней аналітыкі заяўлялі, што дынаміка сусветных цэн на нафту ў 2017 годзе шмат у чым будзе вызначацца выкананнем дамоўленасцяў аб скарачэнні нафтаздабычы дзяржавамі АПЕК і краінамі, якія не ўваходзяць у картэль. 21-22 студзеня 2017 года пытанні выканання ўмоў дамовы плануецца абмеркаваць на пасяджэнні ў Вене.