СМІ: Зборную Беларусі па футболе ўзначаліць расійскі трэнер 

29.01.2017 / 12:21

tass.ru

Мікалай Пісараў у найбліжэйшы час будзе прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе, паведамляюць «Известия» са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.

На гэтай пасадзе ён зменіць звольненага ў канцы снежня Аляксандра Хацкевіча. Пасля чатырох тураў зборная Беларусі займае перадапошняе, пятае, месца ў групе А адборачнага турніру ЧС-2018 следам за Францыяй, Галандыяй, Швецыяй і Балгарыяй. У нашай зборнай толькі два балы ў чатырох матчах.

«Зараз Беларуская федэрацыя футбола і Мікалай Пісараў ўлагоджваюць апошнія фармальнасці перад падпісаннем кантракту. Найбліжэйшым часам пра заключэнне пагаднення з расійскім спецыялістам будзе абвешчана афіцыйна. Пісараў доўга разважаў пра тое, ці варта яму пакідаць пасаду старшага трэнера маладзёжнай зборнай Расіі. Але потым усё ж такі вырашыў паспрабаваць свае сілы на новым месцы», — кажа крыніца.

25 сакавіка зборная Беларусі ў рамках адбору да ЧС-2018 гуляе са Швецыяй.