Navi трыумфальна праспявалі ў Кіеве па-беларуску хіт Джамалы «1944» ВІДЭА
05.02.2017 / 11:23
Пераможца беларускага адбору на «Еўрабачанне-2017» Navi выступіў учора ва ўкраінскай сталіцы падчас першага паўфіналу адбору на конкурс. «Еўрабачанне-2017» пройдзе ў маі ў Кіеве.
Navi праспявалі сваю песню, прысутныя віталі яе воклічам «Жыве Беларусь!». Затым Navi паведамілі, што прэзентуюць на беларускай хіт «1944», з якім Джамала перамагла на «Еўрабачанні» ў мінулым годзе.
Пераклад песні Джамалы зрабіў Мікіта Найдзёнаў.
Navi выканалі песню па-беларуску, а Джамала, што была ў журы, расчулілася і горача падзякавала беларусам. «Мне дужа прыемна», — сказала яна.
Зала вітала беларусаў авацыямі. Старшыня журы Канстанцін Меладзэ заявіў, што будзе ў маі галасаваць за беларусаў. Беларусы выступяць у другім паўфінале, і акурат Украіна можа галасаваць за іх.