Каралева дазволіла Тэрэзе Мэй сфарміраваць урад

10.06.2017 / 11:42

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй атрымала дазвол каралевы Лізаветы II на фармаванне кабінета міністраў нягледзячы на тое, што яе Кансерватыўная партыя не здолела атрымаць большасць на парламенцкіх выбарах, піша ВВС.

Выступаючы на Даўнінг-стрыт пасля аўдыенцыі з каралевай, Мэй заявіла, што паспрабуе сфармаваць урад меншасці пры падтрымцы паўночнаірландскай Партыі дэмакратычных юніяністаў (ДЮП), з якой у кансерватараў склаліся трывалыя адносіны.

Мэй паабяцала накіраваць усе сілы на дасягненне дамоўленасці па «брэксіце», якая задаволіць усіх у Вялікабрытаніі. «Менавіта за гэта прагаласаваў народ летась, менавіта гэта мы і забяспечым. Так што да працы!» — заявіла яна.

Мэй удакладніла, што перамовы аб выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюза пачнуцца 19 чэрвеня, як і было запланавана.

Па выніках датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 8 чэрвеня, Кансерватыўная партыя страціла кіруючую большасць у парламенце, атрымаўшы 318 мандатаў.

На дадзены момант падлік галасоў завершаны ў 649 з 650 выбарчых акругаў, застаецца вызначыць размеркаванне галасоў у Кенсінгтане.

Вынікі выбараў разглядаюцца як нечаканы поспех Лейбарысцкай партыі, якую ўзначальвае Джэрэмі Корбін. Яе прадстаўнікі зоймуць 261 месца ў палаце абшчын.

Лідар лейбарыстаў назваў вынік сваёй партыі неймаверным і заклікаў Мэй сысці ў адстаўку. Аднак прэм'ер-міністр заявіла, што краіне патрэбная стабільнасць напярэдадні выхаду Брытаніі з ЕС, і яе партыя здольная гэтую стабільнасць забяспечыць.

nn.by