Краіны ЕС пагадзіліся адкрыць рынак для прадуктаў з Украіны

29.06.2017 / 19:28

Краіны ЕС пагадзіліся адкрыць рынак для харчовых прадуктаў з Украіны, а таксама знізіць пошліны на прамысловыя тавары. Паслы еўрапейскіх краін зацвердзілі папярэднюю згоду ўрадаў ЕС па гэтым пытанні, паведамляе Радыё Польшча.

Для ўступлення дакумента ў сілу за яго павінны прагаласаваць дэпутаты Еўрапарламента. Дадатковае спрашчэнне гандлёвых працэдур для Украіны прадугледжанае пагадненнем аб свабодным гандлі, падпісаным у мінулым годзе Бруселем і Кіевам. Мяркуецца, што гэтыя спрашчэнні дапамогуць украінскай эканоміцы, якая перажывае крызіс у сувязі з канфліктам з Расіяй, якая наклала эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Украіны.

Дзякуючы спрошчаным гандлёвым працэдурам, Украіна зможа павялічыць бязмытны экспарт у Еўрапейскі саюз, у прыватнасці, кукурузы, ячменю і пшаніцы. Дадатковыя льготы для Украіны будуць залежаць ад прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй, правядзення рэформаў і захавання вяршэнства права.

nn.by