Мігранты рвуцца ў Еўропу: Італія пагражае зачыніць парты

02.07.2017 / 10:07

Толькі ў суботу каля 650 мігрантаў былі выратаваны і дастаўленыя ў італьянскі порт Катанія.

У той час як у Парыжы міністры унутраных спраў Германіі, Францыі і Італіі збіраюцца на сустрэчу, прысвечаную мигранцкаму крызісу, Італія заяўляе, што не можа даць рады той колькасцю мігрантаў, якія прыбываюць у краіну, паведамляее ВВС.

Італьянскі ўрад пагражае зачыніць парты і канфіскаваць выратавальныя караблі, якія належаць дапаможным агенцтвам, на якіх прыбываюць уцекачы з Лівіі.

У Агенцтве ААН па справах бежанцаў заяўляюць, што краіне трэба больш дапамогі на фоне ўсё большай колькасці бежанцаў з Афрыкі.

Ад 2014 года праз італьянскія парты ў Еўропу трапілі больш за 500 000 мігрантаў.

Пасля таго, як на працягу ўсяго двух дзён на мінулым тыдні ў краіну прыбылі больш за 12 000 мігрантаў, урад Італіі запатрабаваў актыўных дзеянняў ад іншых краін Еўрасаюза.

«На нашых вачах у Італіі разгортваецца трагедыя. І гэта не можа заставацца выключна італьянскай праблемай», — заявіў Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі.

29 чэрвеня камісар ЕС па пытаннях міграцыі Дзімітрыс Аўрамопулос паабяцаў выдзеліць вялікую фінансавую дапамогу Італіі і заклікаў іншыя краіны ЕС прадэманстраваць большую салідарнасць.

Падчас ратавальнай аперацыі ля ўзбярэжжа Лівіі дзевяць мігрантаў былі знойдзеныя мёртвымі.

Паводле Філіпа Грандзі, толькі за мінулы тыдзень у Італію прыбылі 12 600 мігрантаў і бежанцаў.

У цэлым, паводле яго слоў, ад пачатку года ў Італію морам прыбыло 83 650 мігрантаў — гэта на 20% больш, чым за той жа перыяд мінулага года.

Лічаць, што з пачатку года ў Міжземным моры загінулі каля 2300 мігрантаў.

Большая частка мігрантаў, якія прыбываюць у Італію, бягуць з Лівіі, праз якую ў Еўропу імкнуцца трапіць мігранты з краін на поўдзень ад Сахары, Аравійскага паўвострава, Егіпта, Сірыі і Бангладэш.

Офіс Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў занепакоены вялікай колькасцю дзяцей без бацькоў, а таксама ахвяраў сэксуальнага гвалту сярод мігрантаў, якія прыбываюць у Італію.