У Мінску прайшла акцыя супраць вучэнняў «Захад-2017» і ў падтрымку палітвязняў ФОТА

Сёння на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску сабралася каля 15 актывістаў. Яны трымалі расцяжкі і плакаты з партрэтамі палітвязняў. Іншыя трымаюць расцяжку «Рускі салдат, ідзі дамоў». 

07.07.2017 / 18:17

Пра намер правесці 7 ліпеня, падчас сесіі ПА АБСЕ, акцыю салідарнасці з палітвязнямі і супраць беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017» заявіў напярэдадні актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.

Актывісты прыйшлі на пікет з партрэтамі Дзмітрыя Паліенкі, Міхаіла Жамчужнага, Аляксея Мілюкова, Іллі Валавіка, Ірыны Моцнай. 

Паводле праваабаронцаў, палітвязняў двое: актывіст Дзмітрый Паліенка, які ўтрымліваецца ў Бабруйскай калоніі, і выкладчык з Віцебска, праваабаронца Міхаіл Жамчужны, асуджаны за тое, што спрабаваў таемна праслухоўваць міліцыянтаў.

Пікет прайшоў мірна. Вакол былі людзі ў цывільным, але яны толькі назіралі. Акцыя працягвалася каля 45 хвілін. Потым актывісты разышліся.

Ідэю акцыі падтрымаў і Беларускі нацыянальны кангрэс, якую ўзначальвае Мікола Статкевіч.

«Рада БНК выказвае ўдзячнасць ўсім мужным патрыётам, якія прынялі ўдзел у нашай акцыі 3 ліпеня ў Мінску і заяўляе пра падтрымку пікету 7 ліпеня і яго патрабаванняў вызваліць і рэабілітаваць усіх без выключэння палітвязняў. Мы таксама выказваемся супраць масавай прысутнасці ў краіне замежных вайскоўцаў на вучэннях у верасні», — адзначалася ў заяве БНК.

Фота Сяргея Гудзіліна