iPad стаў самым прадаваным планшэтам у свеце
Планшэты Apple iPad пацвердзілі сваё першынства на рынку. Па дадзеных кампаніі IDC, іх доля складае больш за 30%.
05.08.2017 / 21:43
Падчас абвяшчэння квартальных вынікаў кіраўнік «Эпл» Цім Кук адзначыў, што ўпершыню з 2014 года продажы iPad выраслі. За трэці фінансавы квартал 2017 года кампанія прадала 11,4 мільёна прылад, што на 15% больш, чым за аналагічны перыяд летась.
Па дадзеных IDC, такі скачок папулярнасці прынёс кампаніі Apple не толькі дадатковы даход, але і першынства на рынку са значным адрывам ад канкурэнтаў.
На другім месцы рэйтынгу размясціўся галоўны канкурэнт каліфарнійскай кампаніі — Samsung з Паўднёвай Карэі, які прадаў 6 мільёнаў прыладаў і заняў 15,8% рынка. Замыкае тройку лідэраў Huawei з вынікам 8% рынку і прададзенымі 3 мільёнамі прылад.
Характэрна, што продажы iPad выраслі на фоне агульнага падзення попыту на планшэты. Па дадзеных аналітыкаў, агульная колькасць продажаў знізілася на 3,4% у гадавым вылічэнні да 37,9 мільёна адзінак.