Лабадзенка прапануе перавезці прах Змітрака Бядулі ў Беларусь
10.08.2017 / 11:00
Нейкі час таму патрапіліся на вочы здымкі магілы Змітрака Бядулі. пісьменнік загінуў у 1941 годзе, едучы ў эвакуацыю, паблізу Уральска (Казахстан). Ва Уральску яго і пахавалі — вайна, не да таго было, каб на радзіму перавозіць.
Ад таго часу, кажуць, пару разоў узнікала ідэя перанесці парэшткі нашага класіка ў Беларусь — але далей размоваў не ішло.
Калі я гляджу на здымкі гэтай магілы, у мяне няма пытанняў да ўлады — «чаму яны не робяць».
У мяне ёсьць пытанні да нас з вамі — чаму мы не робім. І, у прыватнасці, пытанне, чаму я не раблю. Не ведаю, як вам, а мне сорамна глядзець на гэтую магілу.
Сёння я патэлефанаваў сыну Змітрака Бядулі — Яфіму Самуілавічу Плаўніку. Яму 83 гады. Ён сказаў, што вельмі б хацеў, каб магіла бацькі была перанесеная ў Беларусь. Што гэтая тэма сапраўды ўздымалася некалькі разоў, але нічога не зрушылася. Сам ён на магіле бацькі апошні раз быў вельмі даўно — усё-ткі да Уральска 2000 кіламетраў. Больш, чым да Парыжа.
Я патэлефанаваў ва Уральск. Пра магілу пісьменніка там ведаюць. Дзякуй ім, даглядаюць, як могуць. кажуць, што пару разоў прыязджалі беларусы, «абяцалі новы помнік паставіць».
Знайшоў людзей, гатовых дапамагчы з гэтай справай на месцы, ва Уральску.
Верагодна, гэтая справа будзе каштаваць грошай. Але, я думаю, мы з вамі скінемся дзеля такога?
Змітрок Бядуля шмат зрабіў для Беларусі і беларускай літаратуры. Натуральна, што ён не меў планаў спачыць на чужыне — і заслужыў права вярнуцца ў сваю родную зямлю.
Усё гэта рэальна — літаральна нядаўна ўдалося вярнуць на радзіму прах Магдалены Радзівіл. Усё ў нашых руках. Не трэба чакаць, пакуль нехта зробіць.
А значыцца — трэба рабіць!