У Мексіцы абвясцілі трохдзённую жалобу па загінулых падчас землятрусу

09.09.2017 / 13:49

У Мексіцы абвясцілі трохдзённую жалобу па загінулых падчас землятрусу, паведамляюць інфармагенцтвы.

Магутны землятрус адбыўся ля берагоў Мексікі ў ноч на 8 верасня. Паводле апошніх даных, у выніку стыхійнага бедства загінуў 61 чалавек, пашкоджаны амаль 1,5 тыс. школ, часткова абрынулася бальніца ў Хучытане, ёсць перабоі з электрычнасцю і водазабеспячэннем.

Магнітуда землятрусу склала 8,2. Эпіцэнтр знаходзіўся за 137 км ад горада Тонала. Ачаг знаходзіўся на глыбіні 58 км. Пасля землятрусу зафіксавана больш за 450 паўторных падземных штуршкоў магнітудай да 6,1.