Вулкан на Балі на мяжы вывяржэння
23.09.2017 / 13:47
Інданезія абвясціла найвышэйшую ступень небяспекі з-за магчымага вывяржэння вулкана Агунг на востраве Балі, паведамляе ВВС.
Reuters
Каля 10 тысяч чалавек ужо эвакуяваныя з раёну магчымага вывяржэння. Улады заклікаюць насельніцтва пакінуць раён у радыусе не менш за 9 км ад вулкана.
Паведамляецца аб бесперапынных сейсмічных штуршках у ваколіцах вулкана, назіраюцца таксама прыкметы ўздыму магмы да паверхні.
Падчас апошняга вывяржэння вулкана Агунг у 1963 годзе загінула больш за тысячу чалавек. Вулкан выкідваў велізарныя піракластычныя патокі і лававыя масы. Піракластычны паток ўяўляе з сябе воблака, якое хутка рухаецца і складаецца з распаленых газаў, вулканічнага попелу і горнай пароды.
Агунг, які належыць да класа стратавулканаў, мае вышыню 3142 метры і размяшчаецца на ўсходзе вострава Балі.
Ён уваходзіць у лік 130 актыўных вулканаў Інданезіі, якія з'яўляюцца часткай так званага «Вогненнага кальца» — вулканічнай зоны, што апярэзвае Ціхі акіян.