Парашэнка падрыхтаваў закон, які замацуе за Расіяй статус агрэсара

29.09.2017 / 22:35

Адміністрацыя прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі падрыхтавала законапраект «Аб асаблівасцях дзяржаўнай палітыкі па аднаўленні дзяржаўнага суверэнітэту Украіны над часова акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны», паведамляе УП.

Раней законапраект быў узгоднены з замежнымі партнёрамі, у тым ліку з краінамі — удзельніцамі Нармандскага фармату і ЗША.

Мяркуецца, што дадзены законапраект заканадаўча замацуе статус Расіі як краіны-агрэсара, а прававы рэжым АТА будзе заменены новым, якога цяпер няма ва ўкраінскім заканадаўстве.

У Адміністрацыі прэзідэнта Украіны чакаюць, што прыняцце закона ўзмоцніць пазіцыі краіны ў Міжнародным судзе ААН, а таксама дапаможа ва ўзгадненні патрэбнага Кіеву фармату міратворчай аперацыі.

Паведамляецца таксама, што аўтары закона настойваюць на тым, каб новы закон быў прыняты на працягу аднага пленарнага тыдня, у сувязі з тым, што 18 кастрычніка мінае тэрмін дзеяння закона аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данбаса.