Уласьнік ЖЖ купіў «Евросеть»
Продажу папярэднічала прэсаваньне ўласьнікаў «Евросеті» падатковымі і сілавымі структурамі Расеі.
22.09.2008 / 11:41
Продажу папярэднічала прэсаваньне ўласьнікаў «Евросеті» падатковымі і сілавымі структурамі Расеі.
100 % мабільнага рытэйлера «Евросеть» купіла інвэсткампанія ANN прадпрымальніка Аляксандра Мамута. Найбуйнейшы ў Расеі мабільны рытэйлер ацэнены на $1,25 млрд. Праўда, жывымі грашыма ягоныя ўладальнікі атрымаюць толькі $400 млн, астатняе сьпісваецца на запазычанасьці. Сярод іх, напрыклад, штрафы за нібыта выяўленыя парушэньні мытнага заканадаўства.
«Евросеть» набыла вядомасьць праз ужываньне неканвэнцыйных маркетынгавых тэхналёгій, у тым ліку нецэнзурнай лексыкі ў рэкляме.
Гешэфт быў заключаны ўначы зь нядзелі на панядзелак. Прададзеныя 100% акцый.
Сетка салонаў «Евросеті» складаецца з 5000 крамаў у Расіі і СНД. Выручка ў 2007 склала $3,6 млрд. Цікава, што калі ў Беларусі зь лягатыпам сеткі на крамах выкарыстоўваецца толькі расійскі сьцяжок, то ва Ўкраіне — і расійскі, і ўкраінскі.
Новы ўласьнік Аляксандар Мамут — адзін з уласьнікаў кампаніі SUP, якой належыць таксама сэрвіс «Жывы журнал» (livejournal.com), папулярны сярод беларускіх блогераў.Новае набыцьцё выяўляе блізкасьць яго з пуцінскім кланам, які кантралюе большасьць прыбытковых прадпрыемстваў Расіі, СМІ і, як высьвятляецца, ЖЖ таксама.