Фінькевіч ледзь не загінуў у аўтакатастрофе

абноўлена

Гэта здарылася каля павароткі на Шчучын. Машына вылецела з шашы і тройчы перакулілася. Здарэньне адбылося ў суботу, калі былы палітвязень вяртаўся з гораду над Нёманам з сустрэчы. Прычыны здарэньня пакуль невядомыя.

22.09.2008 / 17:03

Як расказаў нам Артур Фінькевіч, на хуткасьці 100 км/г у «Опэля Амэга», на якім ён вяртаўся з Горадні ў Менск, адвалілася кола. Гэта здарылася каля павароткі на Шчучын. Машына вылецела з шашы на 25 мэтраў і тройчы перакулілася.

Разам з Артурам ехалі яшчэ дзьве асобы.

Здарэньне адбылося ў суботу, калі былы палітвязень вяртаўся з гораду над Нёманам з сустрэчы. Аднак інфармацыю ён чамусьці распаўсюдзіў толькі ў панядзелак.

Артур сьцьвярджае, што напярэдадні ганяў машыну ў рамонт і што аўтамабіль быў у поўным парадку. Зь ягоных словаў, ён адчуваў у дарозе, што машыну вядзе ўлева, але не спыняўся.

На думку экспэртаў, зь якімі мы гаварылі, здарэньне магло адбыцца і з прычыны таго, што малады кіроўца ня даў рады кіраваньню. Толькі канчатковае заключэньне, ці сапраўды прычынаю стаў адрыў кола, можа расставіць кропкі над і.

ЗП