У Ліване згвалцілі і забілі брытанскую дыпламатку

18.12.2017 / 16:46

Ліванская паліцыя арыштавала мужчыну, падазраванага ў згвалтаванні і забойстве супрацоўніцы амбасады Вялікабрытаніі Рэбекі Дайкс. Ім аказаўся мясцовы таксіст, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу ў спецслужбах Лівана.

Супрацоўніцы амбасады Вялікабрытаніі Рэбецы Дайкс было 30 гадоў.

Папярэдняе следства паказвае, што злачынства не звязана з палітыкай ці прафесійнымі абавязкамі 30-гадовай Дайкс.

Цела жанчыны было знойдзена каля адной шашы. Экспертыза выявіла, што Дайкс згвалтавалі, а потым задушылі.

Вядома, што ў пятніцу, 15 снежня, брытанка разам з сяброўкай пакінулі бар у раёне Гемайзе. Дайкс збіралася крыху раней вярнуцца дадому, каб раніцай паспець на самалёт, які вылятае ў Лондан: яна разлічвала патрапіць да родных на Каляды. Праз кароткі час жанчына развіталася з сяброўкай, а што з ёй здарылася далей, два дні было невядома, расказвае Telegraph.

У Бейруце Дайкс са студзеня 2017 гады працавала менеджарам па праграмах і палітыцы Дэпартамента міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі. Да гэтага яна працавала ў брытанскіх дыппрадстаўніцтвах у Лівіі і Іраку.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.