У Лельчыцкім раёне пакінуты дома 3-гадовы хлопчык некалькі разоў тэлефанаваў у МНС

20.12.2017 / 10:06

Пра гэта паведаміў БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік міністэрства Віталь Навіцкі.

Першае тэлефанаванне паступіла ў падраздзяленне МНС 19 снежня ў 12.12. «Доўгі час малы тэлефанаваў і кідаў слухаўку. Дыспетчара МНС зацікавіў той факт, што дзіця доўга занята такой «гульнёй». У гутарцы высветлілася, што яму тры гады і ён знаходзіцца дома адзін. Неадкладна пачаліся пошукі бацькоў. Дадому да хлопчыка выехалі работнікі МНС, у той час як псіхолаг раённага аддзела адукацыі прыбыла ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення падраздзялення МНС і размаўляла з дзіцем», - праінфармаваў Віталь Навіцкі.

Работнікі МНС праніклі ўнутр кватэры.

«На канапе, захутаўшыся ў коўдру, сядзеў занепакоены малы.

На ўсялякі выпадак была выкліканая брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Праз 15 хвілін дадому вярнуліся дарослыя. Мама патлумачыла, што не павяла сына ў сад з-за яго дрэннага самаадчування. Каля 11.30 хлопчыка пакінулі спячага дома і адправіліся на працу», - распавёў Віталь Навіцкі.

Пасля агляду дзіцяці медыкамі ён разам з маці быў шпіталізаваны.