Навіны на АНТ адзін дзень будуць выходзіць па-беларуску

Усе выпускі навін, «Навіны спорту», выпускі пра надвор'е і праграма «Наша раніца» на тэлеканале АНТ будуць выходзіць па-беларуску. Праўда, усяго толькі на працягу аднаго дня — 21 лютага, у гонар Дня роднай мовы, паведамляе прэс-служба тэлеканала.

20.02.2018 / 17:33

Летась 21 лютага праграма «Наша раніца» ўжо выходзіла па-беларуску. «Мы атрымалі выдатны водгук ад нашых тэлегледачоў, было шмат званкоў з падзякамі. У гэтым годзе вырашылі пайсці далей і падключыць да святкавання Дня роднай мовы і інфармацыйную службу: усе выпускі «Нашых навін» і «Навін спорту», а таксама навіны надвор'я выйдуць па-беларуску.

Навіны ў гэты дзень будуць весці Наталля Немагай, Кацярына Валовік, Дзмітрый Максімавіч, Кацярына Цішкевіч і Аляксандр Аверкаў, «Навіны спорту» — Марыя Лемешава, навіны надвор'я — Крысціна Вінярская.