Прэзентаваны смартфон з акумулятарам ёмістасцю 16 000 мАг — у 6 разоў большай, чым у iPhone X 

Кампанія Energizer прадставіла смартфон Power Max P16K Pro з неймаверным акумулятарам на 16 000 мАг. Для параўнання, топавы смартфон ад Apple — iPhone X — мае батарэю на 2712 мАг, а толькі што прэзентаваны Samsung Galaxy S9 — 3500 мАг.

26.02.2018 / 19:36

Па астатніх характарыстыках Energizer Power Max P16K Pro выглядае як звычайны недарагі смартфон. Ён абсталяваны вялікім 6-цалевым дысплэем з суадносінамі бакоў 18:9 і разрозненнем Full HD+ (1080×2160 пікселяў). Аператыўнай памяці вытворца не пашкадаваў — тут яе ажно 6 ГБ.

Праз вялікую ёмістасць батарэі корпус смартфона мае таўшчыню ажно 1,5 сантыметра, у той час як пералічаныя вышэй смартфоны прэміум-сегмента як мінімум у два разы танчэйшыя. 

Вытворца не распавёў, колькі такі смартфон прапрацуе ад аднаго зарада і ці можна будзе выкарыстоўваць яго ў якасці паўэрбанка.

Продажы Energizer Power Max P16K Pro запланаваныя на верасень 2018 года па цане ад 500 даляраў.

nn.by