Новы авіярэйс у Паўднёвай Амерыцы стаў самым кароткім у свеце

26.05.2018 / 14:44

Самы кароткі міжнародны авіярэйс запусцілі ў Паўднёвай Амерыцы. Пра гэта паведамляе News18.

Рэйс выконвае авіякампанія Aruba Airlines. Ён злучыць востраў Аруба — заморскую тэрыторыю Нідэрландаў — і венесуэльскі горад Пунта-Фіха, адлегласць паміж якімі складае 80 кіламетраў. Пералёт доўжыцца восем хвілін.

Палёты будуць ажыццяўляцца па панядзелках і пятніцах. Кошты на іх пачынаюцца ад 200 даляраў.

Самы кароткі ў свеце ўнутраны авіярэйс займае дзве хвіліны.

Ён злучае аэрапорты Уэстрэй і Папа-Уэстрэй на Аркнейскіх выспах у Шатландыі.