Прынцып Ігара Байцова: хоць раз на дзень пагаварыць па-беларуску з рускамоўным суразмоўцам

Пайшоў з жыцця выдатны архітэктар і абаронца гістарычнай спадчыны.

31.07.2018 / 16:11

19 ліпеня пасля цяжкай бязлітаснай хваробы назаўсёды адышоў ад нас сябра Беларускага саюза архітэктараў, знаны, выдатны архітэктар Ігар Мікалаевіч Байцоў. Яму было 82 гады.

Нарадзіўся Ігар Мікалаевіч 20 сакавіка 1936 ў Яраслаўлі, у сям‘і фізiкаў. Але ўсё яго жыццё было звязанае з Беларуссю. Тут ён вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце (скончыў яго ў 1959 па спецыяльнасці «архітэктура»). Яго любiмымі выкладчыкамі былi Ю. Ягораў, Н. Шпігельман, В. Гусеў i Н. Макляцова, якая, дарэчы, спраектавала будынак, у якiм ён пражыў амаль усё жыццё.

Ігар Мікалаевіч паўстагоддзя працаваў у беларускіх праектных інстытутах, створаныя ім будынкі, аб'екты, цэлыя кварталы цяжка злічыць.

Рэканструкцыя жылога дома ў Нясвіжы. Аўтар Ігар Байцоў. Графіка Алена Зіноўева.

Хлебазавод ў Таліне. Аўтар і графіка Ігар Байцоў.

Мінскі абласны краязнаўчы музей у Маладзечне.

Краязнаўчы музей у Нясвіжы. Аўтар Ігар Байцоў.

Рэканструкцыя жылога дома ў Баранавічах. Аўтар і графіка Ігар Байцоў.

Лазня ў Стоўбцах. Аўтар і графіка Ігар Байцоў.

Праекты, якімі праілюстраваны гэты артыкул, — мізэрная частка зробленага спадаром Ігарам дзеля ўпрыгажэння беларускіх (і не толькі) гарадоў.

Ігар Байцоў апекаваўся і архітэктурнай спадчынай мінулых часоў. Ён быў навуковым кіраўніком шэрагу аб’ектаў нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. У тым ліку будынку калегіума езуітаў, кляштара францішканцаў у Пінску, і шэрагу іншых гістарычных будынкаў.

Ігар Мікалаевіч быў таленавітым майстрам архітэктуры, заўсёды ўлічваў гістарычную, мастацкую значнасць існуючай забудовы ў сваіх праектах. Ён перадаваў сваім калегам узнёслае стаўленне да дойлідства, дапамагаў станаўленню іх майстэрства.

Наваградскі замак. Ігар Байцоў. Замалёўка.

Ігар Байцоў. Плакат.

Ігар Мікалаевіч быў адметны энцыклапедычнымі ведамі ў сферы культуры, літаратуры, мастацтва, архітэктуры.

Быў аўтарам шматлікіх эсэ i артыкулаў у газетах «Наша Ніва», «Культура», часопiсах «Архiтэктура і будаўнiцтва Беларусі», «Мансардавае будаўнiцтва». Яго грунтоўныя, адмысловыя артыкулы дапамогуць адказна ставіцца да найістотнейшых архітэктурных праблемаў Беларусі і да захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Ігар Байцоў. Замалёўка.

З падтрымкай, верай і надзеяй ставіўся ён да ідэі беларускага адраджэння. Ён лічыў, што трэба хоць раз на дзень пагаварыць па-беларуску з рускамоўным суразмоўцам.

Ігар Мікалаевіч быў жанаты, меў дачку і трох унукаў, жонка Інэса і дачка Кацярына таксама архітэктары.

Спадар Ігар зрабіў многа добрага для родных, сяброў дзеля Беларусі. Мы заўсёды будзем успамінаць з цеплынёй у душы яго адвагу і мужнасць, з якой ён устойліва і непахісна змагаўся да апошняга дня за тое, каб не псавалі архітэктуру і панараму роднай сталiцы, гістарычныя традыцыі забудовы яе цэнтра, унікальны прыродны ландшафт.

Родныя, сябры, супрацоўнiкi