У Сочы адбылася сустрэча Румаса і Мядзведзева

21.09.2018 / 13:06

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у Сочы сустрэўся з кіраўніком расійскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым, піша БелТА.

«Я ўдзячны вам, што вы знайшлі час сёння сустрэцца, каб мы маглі працягнуць абмеркаванне тых пытанняў, якое мы пачалі ў ходзе нашых тэлефонных перамоваў. Нашы намеснікі працавалі ў гэты час па пытаннях, што яны курыруюць. І ваша прапанова аб тым, што група высокага ўзроўню павінна быць каардынатарам ўсіх пытанняў, ужо сёння ўвасабляецца. Ігар Петрышэнка (віцэ-прэм'ер) паведаміў мне, што група ўжо працуе. І новы пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч ўжо таксама ўключыўся ў гэтую працу», - сказаў прэм'ер-міністр Беларусі.

Сяргей Румас таксама прапанаваў перад сустрэчай прэзідэнтаў дзвюх краін зверыць пазіцыі.