Скрыпаль падтрымліваў анексію Крыма і не верыў у прысутнасць расійскіх вайскоўцаў на Данбасе

02.10.2018 / 11:39

Былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль, які ў сакавіку разам з дачкой быў атручаны нервова-паралітычным рэчывам «Навічок», не паверыў у датычнасць да гэтага Масквы. Пра гэта ў кнізе «Справа Скрыпаля» напісаў журналіст «Бі-бі-сі» Марк Урбан, перадае The Guardian.

Рэпарцёр, які асабіста кантактаваў са Скрыпалём, зазначае, што той, выйшаўшы з комы, адмовіўся верыць, што да замаху на забойства яго самога і яго дачкі мае дачыненне Крэмль.

Былы супрацоўнік расійскіх спецслужбаў, нягледзячы на тое, што перадаваў інфармацыю брытанскай разведцы, адкрыта выказваў свае нацыяналістычныя погляды, піша Урбан.

У прыватнасці, ён падтрымліваў вяртанне Крыма ў склад Расіі і не верыў у прысутнасць расійскіх вайскоўцаў на ўсходзе Украіны. Як адзначае Урбан, у доме, набытым для яго MI6, ён часта праводзіў вечары за праглядам «Першага канала».

Кніга не дае адказу на пытанне, навошта расійскія спецслужбы (па версіі брытанскага сьледзтва) спрабавалі забіць Скрыпаля.