На Ушаччыне дырэктар ЖКГ дзеля прэміі рабіў новыя свідравіны з вадой, а старыя засыпаў. Гэта каштавала бюджэту 146 тысяч рублёў

04.10.2018 / 18:44

На Ушаччыне за кошт бюджэту будавалі новыя свідравіны пітной вады, а старыя засыпалі зямлёй, паведамляе Камітэт дзяржкантролю. З дапамогай такой схемы дырэктар ЖКГ хацеў атрымаць прэмію і пазбегнуць адказнасці за нявыкарыстаныя грошы з бюджэту.

На прадпрыемстве ЖКГ на Ушаччыне выявілі фіктыўныя акты работ па рамонце артэзіянскіх свідравін пітной вады — на гэта з бюджэту незаконна выдаткавалі звыш 146 тысяч рублёў.

Замест капітальнага рамонту артэзіянскіх свідравін, на які выдаткоўваліся грошы з абласнога бюджэту, у раёне рабілі новыя свідравіны. Прычым рабілі гэта без узгаднення праектнай дакументацыі. А свідравіны, якія неабходна было рамантаваць, засыпаліся.

Распачата крымінальная справа за нямэтавае выкарыстанне грошай.