ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны

28.11.2018 / 18:55

ЮНЕСКА ўнесла Будслаўскі фэст у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, паведамляе МЗС.

«Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА сёння падчас 13-й сесіі аднагалосна прыняў рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Урачыстасць у гонар шанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва», — распавялі ў прэс-службе.

Будслаўскі фэст — гэта адзін з сімвалаў беларускай ідэнтычнасці, урачыстасць, якая адбываецца ў атмасферы ўсеагульнай павагі і дружбы, аб'ядноўвае розныя групы людзей, незалежна ад іх рэлігійных поглядаў, сацыяльнага статусу і гендарных адрозненняў.