У Аўстрыі за допінг затрымалі пяцярых спартсменаў з трох краін

Падчас чэмпіянату свету па лыжных відах спорту ў Аўстрыі паліцыя затрымала пяцёра спартсменаў з трох краін. Таксама пад варту ўзялі меркаваных распаўсюднікаў допінгу. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Федэральнай паліцыі Аўстрыі.

27.02.2019 / 20:24

Дзевяць чалавек былі затрыманыя паліцыяй у аўстрыйскай камуне Зефельд-ін-Ціроль і ў Германіі ў рамках справы аб ужыванні і распаўсюдзе допінгу. Сумесную аперацыю праводзілі аўстрыйскае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і мюнхенская пракуратура.

У прыватнасці, затрымалі пяцёра спартсменаў: двое з Аўстрыі, адзін з Казахстана, двое з Эстоніі. Акрамя таго, затрыманыя два члены меркаванай злачыннай групоўкі, а таксама спартыўны лекар і яго саўдзельнік з Германіі

Раніцай 27 лютага былі праведзены ператрусы ў размяшчэнні некалькіх зборных каманд і ў Мюнхене.

Аўстрыйская паліцыя адзначае, што гаворка ідзе пра расследаванне дзейнасці «глабальнай допінгавай сеткі».

Расследаванне звязана са сведчаннямі аўстрыйскага лыжніка Ёханэса Дзюра, абвінавачанага ва ўжыванні допінгу ў 2014 годзе.