Апосум стаў здабычай вялізнага павука ў джунглях Перу на вачах у даследчыкаў ВІДЭА

02.03.2019 / 10:27

Павука-птушкаеда, які напаў на апосума, упершыню знялі на відэа. Пра гэта паведамляе Лента.ру са спасылкай на National Geographic.

Біёлагі з універсітэта Мічыгана заўважылі павука ў джунглях Перу, калі ён ужо схапіў здабычу. Дзіцяня апосума супраціўлялася каля 30 секунд, пасля чаго перастала падаваць прыкметы жыцця. Па словах відавочцаў, павук быў велічынёй з талерку (прыкладна 30 сантыметраў),

Даследчыкі задакументавалі больш за дзесяць выпадкаў, калі пазваночныя жывёлы станавіліся здабычай беспазваночных. У прыватнасці, ім удалося сфатаграфаваць і зняць на відэа беспазваночных, якія ядуць яшчарак, змей і лічынак амфібій.

Павукі-птушкаеды сілкуюцца пераважна насякомымі і драбнейшымі павукамі. Акрамя таго, яны нярэдка палююць на дробных грызуноў, птушак і рыб. У адрозненне ад іншых відаў павукоў, птушкаеды не плятуць павуцінне, а пільнуюць здабычу ў засадзе.