Гродзенскія ўлады пагадзіліся прыбраць з цэнтра горада бюст Чапаева

Гродзенскі блогер, пісьменнік Яўген Аснарэўскі паведаміў, што мясцовыя ўлады ўхвалілі прапанову перанесці бюст Чапаева з вуліцы Міхася Васілька ў музей.

31.03.2019 / 10:12

Помнік Чапаеву на скрыжаванні вуліц Васілька і Карбышава ў Гродне. Фота Руслана Кулевіча, hrodna.life

Рашэнне было прынятае па выніках пасяджэння абласной мастацка-экспертнай рады.

Варыянт паставіць замест бюста Чапаева скульптуру Васілька пакуль не разглядаецца.

Сёлета ў лютым помнік Чапаеву дэмантавалі для рэканструкцыі — прымеркавалі да 75-годдзя Гродзенскай вобласці. Першапачаткова планавалася, што пасля абнаўленняў яго вернуць на месца.

Бюст быў усталяваны ў Гродне ў 1960-х, хоць сам Чапаеў ніколі не быў ні ў Гродне, ні ў Беларусі. У савецкі час у горадзе была і вуліца Чапаева, якую пазней перайменавалі ў Васілька. Але помнік пакінулі.

nn.by