30 мая — гусляр і электроншчыкі: cумесны канцэрт Алеся Чумакова і гурта PAWA

01.04.2019 / 11:46

Сумесны канцэрт беларускага гусляра Алеся Чумакова («Стары Ольса», «Ceilidh Ceol») і электроннага этна-фолк гурта PAWA адбудзецца на пляцоўцы менскага клуба «Бруге» 30 мая. Спецыяльны госць мерапрыемства — гурт «Апошні Шылінг».

Канцэрт будзе складацца з дзвюх частак.

У першай Алесь Чумакоў прэзентуе альбом «Праўда ў віне».

Таксама прагучаць сусветныя і айчынныя хіты на гуслях і ірландскія карчомныя песні ў беларускай імправізацыі. Зайграе таксама спецыяльны госць, гурт «Апошні Шылінг». Яго праграма ўключае як «стандарты» ірландскай і шатландскай музычных традыцый, так і шэраг аўтарскіх кампазіцый.

Алесь Чумакоў — майстар-гусляр, вядомы шырокай публіцы як музыка гурта «Стары Ольса» і лідар праекта Ceilidh Ceol. Пазнавальны вакаліст і інструменталіст, ён паспяхова адкрыў сябе ў сольнай творчасці і праз удалую апрацоўку сярэднявечных беларускіх народных баладаў і ваярскіх песень працягнуў адраджэнне і сучаснае ўдасканальванне старажытнай традыцыі гуслярства.

Чумакоў можа надаць новае старажытнае гучанне і творам ХХ стагоддзя. Такім, як класіка «Песняроў» і NRM.

У другой частцы канцэрта выступіць электронны этна-фолк гурт PAWA.

Ён выконвае традыцыйную беларускую і еўрапейскую музыку, але робіць гэта нязвыклым чынам. У музычным арсенале калектыва сярэднявечныя інструменты — дуда, жалейка, дудкі і скрыпка — суседнічаюць з драм-машынамі, сінтэзатарамі і электрагітарай.

Яшчэ выступ PAWA — выдатная магчымасць навучыцца беларускім танцам і песням і падсілкавацца шалёнай энэргетыкай і пазітывам на падмурку векавых традыцый!

PAWA неаднаразова вылучаліся незвычайнымі, драйвовымі праектамі. Напрыклад, у мінулым годзе разам з опернымі спевакамі Іллёй Сільчуковым і Вольгай Вашкевіч PAWA запісалі беларускі кавер на песню «Я свободен» — адну з самых вядомых кампазіцый Валерыя Кіпелава. 

Таксама гурт PAWA адзначыўся запамінальным выступам на пляцоўцы «Мінск-Арэна» ў падтрымку хакейнага клуба «Дынама-Мінск». 

Сумесны канцэрт Алеся Чумакова і гурта PAWA пройдзе 30 мая ў клубе «Бруге» (пр. Партызанскі, 6А). Пачатак а 19-й.

Кошт квіткоў ад 15 да 25 рублёў.

Першым 100, хто набудзе квіток папярэдне — дыск Testamentum Terrae «Angleza» на ўваходзе ў падарунак!

Прыватнае прадпрыемства «Канцэрт Анлайн». УНП 192400162