У беларускіх школах хочуць увесці штат ахоўнікаў і пасаду намесніка дырэктара па бяспецы

10.04.2019 / 17:10

У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць увядзення ва ўстановах адукацыі штата ахоўнікаў і пасады намесніка дырэктара па бяспецы. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, паведамляе БелТА.

«Дадаткова з Мінфінам, Мінпрацы і сацабароны прапрацоўваюцца пытанні аб увядзенні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі штатнай колькасці ахоўнікаў (дадаткова да вартаўнікоў), а таксама пасады намесніка дырэктара па бяспецы. Гэтае пытанне можа быць вырашана ўжо да новага навучальнага года», — сказаў Эдуард Тамільчык.

Ён удакладніў, што гэтыя супрацоўнікі зусім не павінны быць работнікамі міліцыі, але для іх абавязкова будзе распрацоўвацца пералік функцыянальных абавязкаў і патрабаванняў.