Трамп абвінаваціў Расію і Кітай у забруджванні прыроды

05.06.2019 / 17:52

Кітай, Расія, Індыя і іншыя краіны адказны за забруджванне паветра і вады, у адрозненне ад ЗША, прырода у якіх — адна з самых чыстых. Такую заяву зрабіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля абмеркавання глабальнага пацяплення з брытанскім прынцам Чарльзам, паведамляе The Guardian.

Як распавёў амерыканскі лідар мясцоваму тэлеканалу, сустрэча працягвалася паўтары гадзіны замест запланаваных 15 хвілін. На працягу ўсяго гэтага часу прынц спрабаваў пераканаць яго ў небяспецы глабальнага пацяплення.

Трамп агулам пагадзіўся з довадамі Чарльза, але адхіліў неабходнасць Злучаных Штатаў больш укладвацца ў барацьбу з кліматычнымі зменамі. Паводле яго слоў, прырода ў ЗША — адна з самых чыстых у свеце «па ўсіх статыстычных даных» і становіцца ўсё лепшай.

«Кітай, Індыя, Расія, многія іншыя краіны — там дрэннае паветра, дрэнная вада, там навакольнае асяроддзе забруджанае. У некаторых гарадах там немагчыма дыхаць.(…) Гэта яны не выконваюць сваіх абавязкаў», — прыводзіць выданне словы прэзідэнта.

Раней Трамп не раз выказваў сваё скептычнае стаўленне да глабальнага пацяплення.