«Амерыканскі генерал» папрасіў у жыхаркі Маладзечна $750, абяцаючы адправіць ёй $1,5 мільярда

12.06.2019 / 17:13

У маладзечанскую міліцыю звярнулася 51-гадовая мясцовая жыхарка. Жанчына ў фэйсбуку пазнаёмілася з замежнікам. Мужчына прадставіўся генералам амерыканскай арміі. Паводле яго слоў, цяпер ён служыць у Лівіі, плануе сысці ў адстаўку і правесці астатак жыцця са сваёй каханай у ціхай і ўтульнай Беларусі.

Жанчына атрымала чарговае паведамленне ад «генерала». Каб забяспечыць сваёй даме і сабе каралеўскае жыццё, «ветэран» адправіў ёй пасылку з $1,5 мільярда. Але «выпадкова» на ўкраінскай мяжы затрымалі кур'ера, які павінен быў перадаць пасылку. За «скрыню грошай» мытні неабходна было заплаціць $750, інакш яе канфіскуюць. Усе грашовыя аперацыі «генерал», для надзейнасці, рэкамендаваў праводзіць праз банк.

Гэтая сітуацыя выклікала сумненні ў жанчыны. Плаціць грошы яна адмовілася. Тады «генерал» перайшоў да ўльтыматумаў.

IP-адрас, адкуль пісаў так званы амерыканскі генерал, знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

Nashaniva.com