У Нацыянальнай бібліятэцы пасяліўся незвычайны зубр ФОТАФАКТ

06.11.2019 / 13:25

Зубр незвычайны. Ён кніжны і можа стаць адным з сімвалаў Нацыянальнай бібліятэкі, — растлумачыў «Мінск-навінам» намеснік дырэктара ўстановы Алесь Суша.

Кніжны ён, па-першае, таму, што сабраны з дэталяў старой друкарскай (паліграфічнай) тэхнікі.

Па-другое, яго завуць Алеф - па назве першай літары старажытных алфавітаў, якая паходзіць ад егіпецкага іерогліфа — галавы быка. Гэтая літара ў далейшым паслужыла правобразам першай літары грэчаскага, лацінскага, кірылічнага і іншых алфавітаў, якія мы ўжо маем.

Па-трэцяе, поўсць зубра складзеная з сапраўдных шрыфтоў, якія выкарыстоўваліся ў мінулым стагоддзі беларускімі друкарнямі (таму там ёсць літары «ў» і «і»).

Урэшце, чацвёртая прычына — у самым сэрцы зубра працуе механізм, які створаны на манер сігнета Францыска Скарыны - знакамітага вобразу сонца і паўмесяца, які стаў нефармальным сімвалам беларускай кніжнасці.

Аўтар скульптуры Генадзь Катлінскі працаваў над творам некалькі месяцаў.

Nashaniva.com