У Оршы пасажыр маршруткі з пісталетам у руках бегаў за кіроўцам

13.12.2019 / 15:11

Фота mvd.gov.by

Здарэнне адбылося ўдзень 30 лістапада, паведамляе прэс-служба МУС.

У «Газэль» да 26-гадовага кіроўцы зайшоў 41-гадовы мужчына, які за праезд не разлічыўся.

Пасля адпраўлення аўтамабіля ад чарговага прыпынку безбілетнік ўстаў з месца і пачаў беспадстаўна абражаць шафёра. Прычынай таму было пытанне: ці не прапусціў пасажыр свой выхад.

Каб не падвяргаць небяспецы іншых кліентаў і не патрапіць у аварыю, маршрутчык спыніўся і запатрабаваў у мужчыны выйсці з салона. Замест гэтага той дастаў з кішэні пісталет і пачаў пагражаць.

Кіроўца, не разбіраючыся, што за зброя ў руках у падазраванага, пачаў уцякаць ад яго і хавацца за маршруткай. Гэта ўбачыў мясцовы жыхар, што праязджаў міма, і выклікаў міліцыю. У выніку хулігана затрымалі.

Nashaniva.com