Пяскоў: Падпісанне дарожных карт — фармальнасць. Галоўнае, што яны ўзгодненыя

25.12.2019 / 15:02

Да Новага года сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна не плануецца.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.

Па яго словах, Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пры патрэбе паразмаўляць па тэлефоне.

«Узровень інтэграцыі цяпер ужо настолькі высокі, і краіны настолькі цесна звязаны адзін з адным, што нейкія шурпатасці, вядома непазбежныя. (Яны) ёсць і будуць заставацца, але агульны фон гэта не псуе», — рэзюмаваў Пяскоў.

На пытанне журналістаў пра тэрміны падпісання «дарожных карт» па інтэграцыі паміж Расіяй і Беларуссю Пяскоў адказаў: «Падпісанне — гэта фармальнасць, галоўнае — што яны ўзгодненыя. Гэта рэальнае вялікае дасягненне».

Разам з тым, паводле яго слоў, «ёсць яшчэ няўзгодненыя пытанні па нафце і газу». «Там працягваецца работа», — падкрэсліў Пяскоў.

Nashaniva.com