Fiat урэзаўся ў воданаліўныя блокі на МКАД. Рух у раёне з'езду на Свіслацкую ідзе з затрымкай

08.03.2020 / 15:29

Кіроўца аўтамабіля Fiat урэзаўся ў воданаліўныя блокі на МКАД, у выніку аўто перавярнулася, паведамляе ДАІ.

Аварыя адбылася 8 сакавіка ў 13:50. 50-гадовы кіроўца Fiat ехаў па МКАД з боку вуліцы Машынабудаўнікоў у бок вуліцы Ауэзава ў першай паласе для руху транспарту. У нейкі момант мужчына выпусціў кіраванне і ўрэзаўся ў воданаліўныя блокі. Ад моцнага ўдару аўто перавярнулася.

У выніку ДТЗ ніхто не пацярпеў. Супрацоўнікі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі разбіраюцца ў абставінах здарэння.

Рух у раёне з'езду на вуліцу Свіслацкую ідзе з затрымкай.

Nashaniva.com