Антраполаг: Старажытныя еўрапейцы маглі ўпадаць у спячку

15.12.2020 / 08:11

Старажытныя людзі, якія жылі на тэрыторыі Еўропы паўмільёна гадоў таму, маглі выпрацаваць выдатную стратэгію выжывання падчас доўгіх зім ледавіковага перыяду: не выключана, што яны ўпадалі ў спячку. 

На гэтую думку антраполага Антоніса Барцыёкаса з універсітэта Фракіі імя Дэмакрыта навялі шматлікія парэшткі гамінідаў у пячорах Сіма дэ лос Уэсас на поўначы Іспаніі, піша ВВС.

Гэтыя пячоры сталі адной з самых важных крыніц інфармацыі пры вывучэнні эвалюцыі чалавека. Там было выяўлена больш за 7500 фрагментаў костак, якія належалі прынамсі 29 старажытным людзям, якіх адносяць да віду Homo heidelbergensis — чалавек гейдэльбергскі.

Аднак, па словах Барцыёкаса, навукоўцы, якія даследавалі гэтыя парэшткі, не зважалі на адну важную дэталь: косткі маюць прыкметы цэлага шэрагу захворванняў, такіх як рахіт, звязаных з недахопам вітаміну D. А гэта, на думку грэцкага антраполага, азначае, што старажытныя людзі доўгія месяцы праводзілі без дзённага святла. 

Па меры вывучэння гэтага пытання даследчык выявіў, што падобныя захворванні часта адзначаюцца ў жывёл, якія ўпадаюць у спячку ў пячорах, у прыватнасці — у кажаноў.

Барцыёкас і яго іспанскі калега Хуан Луіс Арсуага (іх высновы апублікаваныя ў выданні (L'anthropologie ) выказалі здагадку, што гамініды, якія жылі ў пячорах Сіма дэ лос Уэсас, таксама зімавалі ў пячорах, упадаючы пры гэтым у спячку.

«Гэтая ідэя можа здацца вар'яцкай, але рэальнасць часам і бывае вар'яцкай», — кажа навуковец і ў якасці прыкладу прыводзіць нашых далёкіх сваякоў-прыматаў — шэрых мышыных лемураў (Microcebus murinus), якія могуць на некалькі дзён упадаць у спячку.

Вельмі можа быць, мяркуе Барцыёкас, што паўмільёна гадоў таму, на самым халодным этапе ледавіковага перыяду, гамініды вымушаныя былі анатамічна адаптавацца і цягам 50 тыс. гадоў кожную зіму ўпадаць у працяглую спячку.

Лічыцца, што ва ўсіх астатніх гамінідаў для гэтага не было падставы: яны альбо жылі ў месцах з больш мяккім кліматам, альбо мелі доступ да тлустай жывёльнай ежы, якая папаўняе недахоп патрэбных элементаў.

З ідэяй чалавечай спячкі згодныя далёка не ўсе навукоўцы, якія паказваюць на тое, што ў дэфектаў костак могуць быць і іншыя прычыны, а больш канкрэтных доказаў Барцыёкас даць не можа. Аднак нічога прынцыпова немагчымага з фізіялагічнага пункту гледжання ў гэтым няма. 

А Кэлі Дру з Аляскінскага універсітэта ў Фэрбенксе і ўвогуле лічыць, што прымусіць упадаць у спячку можна і сучасных людзей. Толькі трэба гэта не для таго, каб перажыць доўгую халодную і галодную зіму, а для стабілізацыі і наступнай рэабілітацыі ахвяр інфарктаў і інсультаў.

Nashaniva.com