Уладальніку крамы «Мой модны кут» далі 15 сутак, яго жонка на волі са штрафам

У аўторак, 26 студзеня, у краме «Мой модны кут» затрымалі Алену Есіпёнак. Яе муж Валерый змог толькі ад прадаўцоў гандлёвага цэнтра «Маскоўскі-Венскі», дзе знаходзіцца пункт, даведацца, што рабілася гэта з фармулёўкай «за продаж незарэгістраванай сімволікі». У выніку праз два дні затрымалі самога Валерыя, калі той прыйшоў на суд да жонкі.

30.01.2021 / 10:03

Валерый Есіпёнак.

Да апошняга лёс сям’і быў невядомы, і толькі ўчора позна ўвечары высветлілася: Валерыю прысудзілі 15 сутак, а Алене штраф — 30 базавых велічынь.

«У мяне было чатыры суды па трох пратаколах. Я знаёмілася з тым, у чым мяне абвінавачваюць, толькі на судах: там то адзіночнае пікетаванне было, то масавае, і ў выніку пратаколы пастаянна адпраўлялі на дапрацоўку. Я думала, што гэтая эпапея не скончыцца, таму канкрэтны прысуд за нібыта ўдзел у масавым мерапрыемстве стаў ужо палёгкай. Валеру ж далі 15 сутак, ён пачувае сябе добра, трымаецца малайцом», — расказвае Алена. 

Жанчыну адпусцілі толькі пасля 20.00 29 студзеня: трое сутак з моманту яе затрымання скончыліся яшчэ ў 14.40. Варта адзначыць, што ў Есіпёнкаў двое непаўналетніх дзяцей. Пакуль бацькоў не было дома, яны знаходзіліся з сястрой Алены.

«Самым цяжкім было жыццё ў невядомасці: калі ты не ведаў, што адбываецца і што цябе чакае. А так мы ўсё вытрымаем, усё нармалёва», — з упэўненасцю кажа Алена.

Нагадаем, напярэдадні затрыманняў у краму «Мой модны кут» прыйшлі супрацоўнікі МНС, пункт з нацыянальнымі рэчамі і падарункамі прыйшлося закрыць «да ліквідацыі парушэнняў».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от МОЙ МОДНЫ КУТ (@mmkut_miensk)

Nashaniva.com