У Кітаі вызвалілі абаронцу тыбецкай мовы

Абаронцу тыбецкай мовы Ташы Вангчука арыштавалі ў 2016 годзе. Яго адвакат паведаміў пра вызваленне актывіста, але пакуль што невядома, ці цалкам з яго знялі ўсе абмежаванні.

30.01.2021 / 21:03

Фота Depositphotos.com

Улады Кітая затрымалі Ташы на пачатку 2016 года пасля таго, як ён з’явіўся ў рэпартажах выдання New York Times, дзе распавядаў пра абарону тыбецкай мовы.

Яго сям’і паведамілі пра гэта толькі праз некалькі месяцаў, а толькі ў 2018 годзе суд абвінаваціў яго ў «падбухторванні да сепаратызму», што прывяло да пяцігадовага арышту, піша DW.

Адзіным доказам у судзе было дзевяціхвіліннае відэа New York Times, дзе Ташы Ванчгук заяўляў пра пагрозу знішчэння тыбецкай культуры і мовы.

Улады Кітая праводзяць варожую палітыку ў адносінах да моў нацыянальных меншасцей. Тыбецкі народ сутыкаецца з ціскам, каб асімілявацца культурна і лінгвістычна з кітайскай большасцю.

Nashaniva.com