Піневіч: Сітуацыя з COVID-19 у Беларусі стабілізавалася

Сітуацыя з COVID-19 у Беларусі стабілізавалася, паведаміў сёння журналістам міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч на брыфінгу з кіраўніком Расспажыўнагляда Ганнай Паповай, перадае БелТА.

03.02.2021 / 16:52

«Мы канстатуем стабілізацыю эпідпрацэсу ў Беларусі і Расіі. Зразумела, што Беларусь значна меншая краіна, але ва ўсіх рэгіёнах краіны эпідпрацэс паказвае меншую інтэнсіўнасць», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Па яго словах, сёння на сустрэчы ў беларускім урадзе абмяркоўвалася ўзаемадзеянне з Расіяй у плане вакцын супраць каранавіруса. Гаворка ідзе не толькі пра «Спадарожнік V», але і пра іншыя расійскія распрацоўкі.

Акрамя таго, абмяркоўвалася ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі пры перасячэнні мяжы з выкарыстаннем праграмы «Падарожнічаю без COVID-19», а таксама ўзаемадзеянне дзвюх краін на пляцоўцы СААЗ і ў іншых міжнародных структурах.