Для паездкі на цягніку ў Расію беларусам трэба ПЛР-тэст

З 8 лютага аднаўляецца чыгуначнае злучэнне паміж Беларуссю і Расіяй. Для паездкі ў суседнюю краіну беларусам трэба папярэдне зрабіць тэст на каранавірус метадам ПЛР, певедамляе прэс-служба Белчыгункі.

05.02.2021 / 10:25

Пасажырам цягнікоў, якія ідуць у Расію, неабходна мець пры сабе арыгінал або копію медыцынскага дакумента, у якім будзе паказаны адмоўны вынік лабараторнага даследавання на COVID-19, які выкананы не пазней чым за 72 гадзіны да перасячэння мяжы.

Тэст павінен быць выкананы метадам ПЛР і можа быць прадстаўлены як у папяровым, так і ў электронным выглядзе.

Даведка павінна ўтрымліваць імя, прозвішча і імя па бацьку грамадзяніна, дату правядзення і вынік тэсту. Яна можа быць выдадзена на рускай, беларускай або англійскай мове.

Таксама пасажырам рэкамендавана ў дарозе карыстацца ахоўнымі маскамі.

З 8 лютага плануецца курсіраванне хуткага цягніка «Беларусь» № 2/1 Мінск — Масква, які будзе адпраўляцца з Мінска па цотных днях, а з Масквы — па няцотных. Квіткі на цягнік можна купіць да станцый Смаленск, Вязьма і Масква Беларуская, у зваротным кірунку — да станцый Вязьма, Смаленск, Мінск-Пасажырскі.

З 9 лютага пачне перавозіць пасажыраў цягнік №30/29 Калінінград — Масква, які будзе спыняцца на станцыі Мінск-Пасажырскі для пасадкі/высадкі пасажыраў. Пры гэтым пасажыры могуць набыць праязныя дакументы пры руху з Мінска да станцый Смаленск, Вязьма, Гагарын, Масква-беларуская і ад названых станцый да станцыі Мінск-Пасажырскі.

Nashaniva.com